Абласная арганізацыя Мінска і Мінскай вобласці прафсаюза «БЕЛПРАФМАШ» падвяла вынікі першага конкурсу «Малады ПрафЛідар сталічнага рэгіёну: глядзім
у будучыню разам».
Абласная арганізацыя Мінска і Мінскай вобласці прафсаюза «БЕЛПРАФМАШ» падвяла вынікі першага конкурсу «Малады ПрафЛідар сталічнага рэгіёну: глядзім
у будучыню разам».
Паўгадавы марафон завяршыўся на базе дома адпачынку «Лагойскі». Сюды з’ехаліся 16 маладых прадстаўнікоў прафсаюзных пярвічак з БЕЛАЗа, МАЗа, МТЗ, ІНТЭГРАЛА, Мінскага падшыпнікавага, МЭТЗ імя В.І. Казлова, Інстытута метралогіі, ММЗ імя С.І. Вавілава.
Амаль усе яны прыйшлі на прадпрыемства пасля атрымання адукацыі і засталіся – гэта не было ўмовай конкурсу, але такое супадзенне сведчыць, што яго арганізатары пацэлілі ў яблычак. Мэта конкурсу – стварыць якасны кадравы рэзерв для прафсаюзнага актыву, а гэта значыць – знайсці сярод моладзі не проста крэатыўных, творчых, ініцыятыўных, але і тых, хто цэніць месца сваёй працы, гатовы ў яго ўкладаць веды і сілы.
Разам з тым гэта вельмі розныя маладыя людзі, сярод іх ёсць магістрант, уладальнік двух дыпломаў аб вышэйшай адукацыі, студэнт ВНУ, выпускнік каледжа… Зрэшты, два крытэрыі аб’ядноўвалі: па ўмовах конкурсу на момант падачы заяўкі ўдзельнік павінен быць маладзей за 35 гадоў, апроч таго, усе яны – члены выбарных органаў на сваіх прадпрыемствах, а значыць, людзі актыўныя. І гэта дакладна не выпадковасць.
«ПрафЛідар» меў чатыры этапы. Першы – збор заявак і знаёмства праз эсэ. Другі – тэсціраванне па працоўнаму заканадаўству, статуту прафсаюзаў і кейс з крызіснай сітуацыяй, якую прапанавалася вырашыць. Трэці – відэавізітка, дзе кожны паказаў сябе і сваю ролю ў пярвічцы. Фінальны этап прадугледжваў прэзентацыю праекта мерапрыемства для моладзі.
– Конкурс дазваляе знайсці ініцыятыўных маладых рабят, якія гатовы ў патрэбную хвіліну не толькі падставіць плячо нашай арганізацыі, але і быць у кадравым рэзерве сваіх прадпрыемстваў, – адзначыў старшыня абласной арганізацыі галіновага прафсаюза Юрый Васянкоў. – Мы гатовы рэалізоўваць праекты, якія яны прадставілі. Ужо запусцілі некалькі знятых імі відэаролікаў праз сацыяльныя сеткі, каб папулярызаваць дзейнасць не толькі прафсаюза «БЕЛПРАФМАШ», але і ўсёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Важна, каб удзельнікі конкурсу бачылі аддачу, вынік сваёй работы. Частка канкурсантаў будзе ўключана ў наш Маладзёжны савет, частка – у Маладзёжны савет прафсаюза «БЕЛПРАФМАШ».
Па словах інжынера-тэхнолага ААТ «МЗКЦ» Івана Язэпава, які ўвайшоў у пяцёрку лідараў і атрымаў спецыяльны прыз, удзел у конкурсе запатрабаваў шмат часу. Асабліва – трэці этап, відэавізітка-матыватар: «Для мяне гэта цалкам новая дзейнасць. Было цікава і вельмі складана, прыходзілася перарабляць. Раіўся з кіраўніцтвам завадскога прафкаму. Але наўрад ці дайшоў бы да фіналу без цярплівай падтрымкі жонкі Юліі».
«Маладым ПрафЛідарам сталічнага рэгіёну-2025» стаў намеснік начальніка тэрмічнага цэха па тэхнічнай частцы ААТ «Мінскі завод шасцерняў» Андрэй Саўчыц. Пераможцу чакае навучанне ў Міжнародным універсітэце ФПБ «МІПСА» за кошт сродкаў прафсаюзнага бюджэту і ўключэнне ў кадравы рэзерв на пасаду старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі і намесніка старшыні.
– Адрыў паміж першым і другім месцам склаў усяго 0,1 бала, што лішні раз даказвае высокі ўзровень фіналістаў і справядлівасць судзейства, – заўважыла аўтар ідэі конкурсу загадчыца аддзелам арганізацыйнай работы абласной арганізацыі галіновага прафсаюза Кацярына Лашкоўская.
Другое месца дасталася зменнаму майстру кавальска-загатоўчага цэха ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод» Максіму Глотаву. Трэцяе – электразваршчыку на аўтаматычных і паўаўтаматычных машынах загатоўчага цэха ААТ «БЕЛАЗ» – кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ» Уладзіславу Шчурэвічу. Яшчэ адзін спецыяльны прыз атрымала інжынер па метралогіі ўпраўлення метралогіі ААТ «ІНТЭГРАЛ» – кіруючая кампанія «ІНТЭГРАЛ» Алеся Капітановіч.